Перайсці да зместу

Епіскап Мар’янас пад абаронай Хрыста і Божай Маці

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
аўтар невядомы
Епіскап Мар’янас пад абаронай Хрыста і Божай Маці. першая палова XI ст.
Матэрыял тэмпера па глейкай тынкоўцы
Тэхніка al secco
Памеры 247 ×  см
Нацыянальны музей у Варшаве, Польшча
(інв. 234036)

Епіскап Мар’янас пад абаронай Хрыста і Божай Мацінубійская фрэска, якая датуецца першай паловай XI стагоддзя, выкананая тэмперай па глейкай тынкоўцы ў тэхніцы al secco. Аўтар невядомы.

Археалагічны кантэкст

[правіць | правіць зыходнік]

Праца была знойдзена ў саборы Фараса на тэрыторыі старажытнай Нубіі ў сучасным Судане[1] групай польскіх археолагаў падчас адной з археалагічных экспедыцый, праведзеных у 60-х гадах XX стагоддзя пад эгідай ЮНЕСКА (так званая Нубійская кампанія ці Нубійская аперацыя). З 1964 года фрэска знаходзіцца ў калекцыі Нацыянальнага музея ў Варшаве. Пасля правядзення рэстаўрацыйных работ была выстаўлена ў VI зале Галерэі Фарас[2]. З'яўляецца адным з чатырнаццаці выяўленых у саборы Фараса партрэтаў епіскапаў і адным з шасці найбольш добра захаваных партрэтаў нубійскіх іерархаў[3].

У абавязкі кожнага абранага епіскапа Пахораса (Фараса) ўваходзіла напісанне ўласнага партрэта ў саборы[3]. На фрэсцы намаляваны епіскап Мар’янас, які займаў сваю пасаду ў 1005–1036 гадах, з Божай Маці, якая трымае на левай руцэ немаўля, і з Ісусам Хрыстом.

Епіскап Мар’янас

[правіць | правіць зыходнік]

Іерарх, якога можна ідэнтыфікаваць па надпісу, намаляваны ў пазіцыі стоячы. Епіскап благаслаўляе правай рукой, накіроўваючы пальцы ў бок кнігі, якую трымае ў левай руцэ, сагнутай у локці. Вакол паказальнага пальца правай рукі наматана сурвэтка (enchirion). Мар’янас апрануты ў вопратку епіскапа, як да літургіі. Ён апрануты ў чорную фелонь з жоўтай стужкай, упрыгожанай зялёнымі кропкамі на ўзроўні плячэй. Па-над ёй надзеты цёмна-чырвоны амафор з арнаментам з жоўтых прастакутнікаў, разетак і акружнасцяў па ўсёй даўжыні і зялёным прастакутнікам з жоўтым крыжам на канцы[1]. Пад фелоняй бачная зялёная епітрахіль, упрыгожаная двума жоўтымі прастакутнікамі, ніжэй – двума жоўтымі коламі з зялёным контурам, унізе – зноў двума жоўтымі прастакутнікамі з чырвоным контурам і жоўтымі крыжыкамі. Епітрахіль Мар’янаса ўпрыгожана найбольш багата ў параўнанні з вопраткай іншых епіскапаў на фрэсках, чые партрэты былі выяўленыя ў Фарасе[4]. Святар апрануты ў белы стыхар з доўгімі рукавамі, упрыгожаны вертыкальнымі палосамі жоўтага колеру. Абутак цёмна-чырвонага колеру. Колер валосся Мар’янаса чорны, скура – светла-карычневая, у яго вялікія адтапыраныя вушы, прамы нос з геаметрычнымі, шырокімі ноздрамі, звычайныя бровы. Епіскап мае чорныя вусы і чорную доўгую бараду, якая спадае на чырвонае каўнер[1].

Супастаўляючы вопратку епіскапаў Пахораса на фрэсках у Фарасе з іншымі археалагічнымі і іканаграфічнымі крыніцамі, можна зрабіць выснову, што адны іерархі былі монафізітамі, а іншыя – мелькітамі. У Мар’янаса няма элементаў адзення, характэрных для монафізіцкіх коптаў, а значыць, хутчэй за ўсё, ён – мелькіт. У той жа час адзенне ўсіх епіскапаў Пахораса характарызуецца незвычайным аб'яднаннем элементаў копцкага, візантыйскага, лацінскага і абісінскага паходжання, якое больш нідзе не сустракаецца[5].

Першапачаткова злева ад іерарха на фрэсцы быў намаляваны Ісус Хрыстос, але ад яго постаці захаваліся толькі фрагменты. Бачны німб, частка нагі і адзення, а таксама пальцы яго рук на плячы Мар’янаса.

Справа ад Мар’янаса намаляваная Божая Маці. Яе постаць на пяць сантыметраў вышэй фігуры епіскапа (200 і 195 см адпаведна). Марыя стаіць франтальна, трохі нахіліўшы галаву ў бок епіскапа, з правай рукой на яго плячы, а на левай трымае Дзіцятка Езуса. Яна апранута ў шэра-сінюю туніку, дэкараваную белымі разеткамі і чырвонымі вертыкальнымі палосамі, і ў цёмна-карычневы мафорый, які пакрывае яе галаву і плечы і даходзіць да ног. Акрамя гэтага, яе галава пакрыта карычневай хусткай. Вакол вялікага пальца левай рукі наматаная маппула (сурвэтка, хустка) з карычневымі і зялёнымі палоскамі на канцах. На яе нагах – абутак карычневага колеру. Твар Маці Божай белага колеру, яе вочы падведзены зялёнымі і карычневымі лініямі; таксама дадатковай лініяй выдзелены і падбародак Марыі. Вакол яе галавы намаляваны німб.

Спас Эмануіл (Дзіцятка Езус), які знаходзіцца на руках Маці Божай, апрануты ў белы хітон і гіматый. Зморшчыны і контуры адзення намаляваныя чырванавата-карычневым колерам. Яго твар белага колеру, каштанавыя валасы закрываюць вушы і двума завіткамі спадаюць на лоб. Гэтак жа, як Марыя, Ісус глядзіць перад сабой, яго вочы таксама падведзены лініяй зялёнага колеру. Правай рукой бласлаўляе епіскапа Мар’янаса, у левай руцэ трымае кнігу ў вокладцы, дэкараванай каштоўнымі камянямі. За галавой Дзіцятка знаходзіцца зялёны крыж[1].

Зноскі

  1. а б в г B. Mierzejewska, Malowidło ścienne - Biskup Marianos pod opieką Chrystusa i Matki Boskiej, Muzeum Narodowe w Warszawie.
  2. B. Mierzejewska, Sala VI. Katedra, у: Galeria Faras im. Profesora Kazimierza Michałowskiego. Przewodnik, рэд. B. Mierzejewska, с. 154–157.
  3. а б T. Gołgowski, Z problematyki ikonografii biskupów Pachoras, „Rocznik Muzeum Narodowego w Warszawie”, 11 (1967), с. 175–176.
  4. T. Gołgowski, Z problematyki ikonografii biskupów Pachoras, „Rocznik Muzeum Narodowego w Warszawie”, 11 (1967), с. 178.
  5. T. Gołgowski, Z problematyki ikonografii biskupów Pachoras, „Rocznik Muzeum Narodowego w Warszawie”, 11 (1967), с. 188–189.